«У найбліжэйшай пэрспэктыве чакаецца замена часткі дыпляматаў на больш ляяльных і кіраваных асобаў. Гэта падкрэсьлівае: для Лукашэнкі МЗС — ня зьнешнепалітычны інструмэнт, а мэнэджэрская структура, задача якой падтрымаць эканоміку ва ўмовах ізаляцыі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні выведкі Ўкраіны.
Украінскія выведнікі зьвярнулі ўвагу на тое, што ў канцы ліпеня ў Менску, упершыню з 2021 году, адбылася нарада кіраўнікоў дыпляматычных місій Беларусі.
«Фармальная мэта — адаптацыя зьнешняй палітыкі да ўмоў нестабільнасьці на міжнародных рынках. Фактычна — пошук шляхоў эканамічнага выжываньня пад санкцыйным ціскам», — мяркуюць у выведцы Ўкраіны.
Апроч таго, зьвярнулі ўвагу на прадоўжаньне ў 2025 годзе тэндэнцыі павелічэньня імпарту тавараў і паслуг на тле нязначнага павышэньня экспарту.
«Гандлёвае сальда пайшло ў мінус і ўжо перавысіла 770 мільёнаў даляраў, што амаль у чатыры разы больш, чым за аналягічны пэрыяд 2024 году. Ключавы цяжар — менавіта тавары. Іх экспарт зьменшыўся на 3,1 %, тады як імпарт павялічыўся на 2 %. Нават на галоўным рынку — расейскім — беларуская прамысловасьць губляе пазыцыі. Пастаўкі машынабудаўнічай прадукцыі ў РФ, уключна з трактарамі, камбайнамі і легкавымі аўто, зьнізілася на 320 мільёнаў толькі за пяць месяцаў», — адзначаецца ў паведамленьні.
Паводле ўкраінскіх выведнікаў, Лукашэнка працягвае выкарыстоўваць дыпляматыю як інструмэнт зьнешнепалітычнага манэўру. «Менск спрабуе пераканаць Захад у правале санкцыйнай палітыкі і адначасова намякае на магчымасьць вызваленьня палітычных вязьняў у абмен на саступкі», — перакананыя ў Службе вонкавай выведкі Ўкраіны.
У паведамленьні адзначаецца, што нават цесныя сувязі з Крамлём не ратуюць эканамічную сытуацыю ад структурных дысбалянсаў: беларускія тавары выцясьняюцца з ключавых рынкаў — як у Эўразьвязе, так і ў Афрыцы і Азіі. «Прычына — другасныя санкцыі, якія зачапілі гандаль угнаеньнямі, мэталям і стальлю», — мяркуюць украінскія выведнікі.
Форум