Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індыя пачала імпартаваць нафту з ЗША. Танкеры з Расеі не ўпускаюцца ў парты


Ілюстрацыйны здымак.
Ілюстрацыйны здымак.

Індыя пачала замяняць расейскую нафту сыравінай з ЗША, Блізкага Усходу і Афрыкі. Танкеры з расейскай нафтай разварочваюцца і замест таго, каб зайсьці ў індыйскія парты, ідуць у Кітай і Эгіпет.

Паводле інфармацыі агенцтва Bloomberg, дзяржаўная нафтавая карпарацыя Indian Oil Corporation, якая валодае паловай нафтаперапрацоўчых заводаў у Індыі, на гэтым тыдні набыла прынамсі 5 мільёнаў барэляў амэрыканскай нафты, а таксама 2 мільёны барэляў нафты з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Адначасова Індыя пачала адмаўляцца прымаць расейскую нафту ў сваіх партах.

Як паведамляе NDTV Profit, прынамсі чатыры танкеры з расейскай сыравінай затрымаліся каля заходняга ўзьбярэжжа Індыі. Гэта танкеры Achilles і Elyte, якія стаяць на якары каля порта Джамнагар. Яны былі загружаныя нафтай Urals у расейскіх партах Прыморск і Усьць-Луга. Яны зьяўляюцца ключавымі для экспарту.

Абодва танкеры знаходзяцца пад санкцыямі Эўрапейскага Зьвязу і Вялікабрытаніі. Яшчэ два танкеры — Destan і Horae — таксама знаходзяцца каля індыйскага ўзьбярэжжа з расейскай нафтай на борце. Танкер Destan таксама патрапіў пад санкцыі ЭЗ і Вялікабрытаніі.

Іншыя танкеры з расейскай нафтай разварочваюцца ў адкрытым моры.

Усё гэта — вынік ціску з боку Вашынгтона і Брусэля, якія імкнуцца прымусіць Індыю адмовіцца ад расейскай нафты. З пачатку вайны ва Украіне Індыя на працягу трох гадоў павялічыла імпарт нафты з Расеі з нуля да траціны ўсёй колькасьці імпартаванай нафты, надаючы прыярытэт марцы Urals — у шкоду традыцыйным пастаўшчыкам з Блізкага Усходу і Афрыкі.

На гэтым тыдні кампанія Indian Oil Corporation правяла некалькі тэндэраў на пастаўкі нафты, што трэйдары палічылі незвычайным для гэтай кампаніі і расцанілі як знак росту попыту на сыравіну.

Акрамя нафты з ЗША і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, індыйскі канцэрн таксама імпартаваў 4 мільёны барэляў нафты з Заходняй Афрыкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG