У Беларусі назвалі краіны, зь якімі супрацоўнічаюць у падрыхтоўцы сіл спэцыяльных апэрацый. Сярод іх — М’янма

Вайсковец Сіл спэцыяльных апэрацый на вучэньнях у Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях Беларусі ў 2024 годзе. Ілюстрацыйнае фота

Беларусь супрацоўнічае з шэрагам канфліктуючых і аўтарытарных краін у супольнай падрыхтоўцы вайскоўцаў Сіл спэцыяльных апэрацый.

«З кожным годам досьвед удзелу ў супольных мерапрыемствах Сіл спэцыяльных апэрацый павялічваецца. Сёлета мы ўжо сталі ўзаемадзейнічаць зь Ісламскай Рэспублікай Пакістан. Гэта Рэспубліка Індыя. Цяпер, дзякуючы візыту міністра абароны ў Рэспубліку М’янма супольна ўжо пачынаем адпрацоўваць пытаньне, дакладней, супольную падрыхтоўку нашых вайскоўцаў», — паведаміў у эфіры тэлепраграмы «Арсэнал» Аляксей Скабей, начальнік аддзела міжнароднай вайсковай супрацы і міратворчай дзейнасьці Сіл спэцыяльных апэрацый Беларусі.

Паводле яго, такім чынам «кола сяброў» Беларусі павялічваецца.

«Праграма падрыхтоўкі ў нас усіх практычна падобная, тактыка дзеяньняў... Недзе нешта можа мяняцца, але аснова, можна сказаць, ва ўсіх практычна аднолькавая. Вайскоўцы разумеюць адзін жэст — як рухацца, што рабіць», — дадаў ён.

У праграме таксама нагадалі аб правядзеньні супольных вучэньняў з падразьдзелам спэцыяльных сіл арміі Кітаю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расьсьледаваньне: Беларусь пастаўляе М’янме сыстэмы СПА і навучае пэрсанал за гатоўку

Сілы спэцыяльных апэрацый (ССА) ва Ўзброеных сілах Беларусі стварылі ў жніўні 2007 году. Гэты род войскаў стаў пераемнікам паветрана-дэсантных сіл і войскаў спэцыяльнага прызначэньня. Сярод асноўныя задач — контрдывэрсійная дзейнасьць, выведка, барацьба з незаконнымі ўзброенымі фарміраваньнямі, выкананьне задач спэцыяльнымі мэтадамі для спыненьня ўзброенага канфлікту. ССА зьяўляюцца адным з асноўных элемэнтаў стратэгічнага стрымліваньня.

Брыгады ССА ўдзельнічалі ў сілавым разгоне акцыяў пратэсту ў 2020 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сын застрэленага сілавікамі Шутава расказаў пра год бяз бацькі і сваё нядаўняе затрыманьне

Згодна зь інфармацыяй у адкрытых крыніцах, у складзе ССА служаць больш за 6 тысяч вайскоўцаў.

1 жніўня стала вядома, што ў Беларусі ствараецца новая дэсантна-штурмавая брыгада сіл спэцыяльных апэрацый (ССА).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На поўдні Беларусі ствараюць новую дэсантна-штурмавую брыгаду