У ISW патлумачылі, з чым зьвязаныя заявы Пуціна і Лукашэнкі аб ракетах «Арэшнік»

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

У ISW нагадалі, што Пуцін на сустрэчы з Лукашэнкам аб’явіў, што ў Расеі выпрацавалі першы сэрыйны комплекс «Арэшніка» і ўжо паставілі яго ў войскі, а таксама плянуюць перадаць такія сыстэмы Беларусі.

Пуцін сьцьвярджаў, што расейскія і беларускія спэцыялісты працуюць над вызначэньнем будучых месцаў разгортваньня «Арэшніка» да канца 2025 года, а Лукашэнка заявіў, што Расея разьмесьціць сыстэмы ў Беларусі ў 2026 годзе.

«ISW паведамляў на момант першага запуску Расеяй „Арэшніка“ ў лістападзе 2024 года, што Расея выкарыстоўвае сыстэму як частку кампаніі, накіраванай на падрыў рашучасьці Захаду ваенна падтрымліваць Украіну. Заявы Пуціна і Лукашэнкі ад 1 жніўня адносна „Арэшніка“ аналягічныя спробе прадэманстраваць ваенную сілу, каб пераканаць Трампа не выконваць сваю пагрозу эканамічнымі наступствамі», — гаворыцца ў справаздачы.

Аналітыкі таксама зьвярнулі ўвагу на заяву Лукашэнкі аб тым, што Расея і Беларусь прынялі значныя меры за апошнія гады, каб кампэнсаваць уплыў заходніх санкцый, і што абедзьве краіны перажывуць дадатковыя будучыя меры.

«Заявы Лукашэнкі зьяўляюцца апошнімі ў пастаянных намаганнях Крамля, накіраваных на дэманстрацыю эканамічнай стабільнасьці сваёй замежнай і ўнутранай аўдыторыі і на тое, каб Захад адмовіўся ад увядзеньня дадатковых санкцый супраць Расеі», — гаворыцца ў справаздачы.

У ISW таксама ў чарговы раз выказалі ацэнку, што Пуцін толькі прыкідваецца зацікаўленасьцю ў мірных перамовах з Украінай, «тады як украінскія чыноўнікі, наадварот, працягваюць дэманстраваць сапраўдную зацікаўленасьць у міры — пра што сьведчыць заява прэзыдэнта Зяленскага ад 1 жніўня аб тым, што ён па-ранейшаму гатовы сустрэцца».

«Заявы Пуціна і Лукашэнкі ад 1 жніўня падкрэсліваюць нязменную прыхільнасць Пуціна да сваёй тэорыі перамогі, якая прадушледжвае, што Расея можа перажыць падтрымку Украіны Захадам і зможа захапіць усю Украіну шляхам павольнага і дарагога прасоўваньня», — адзначылі ў Інстытуце вывучэньня вайны.

29 ліпеня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што тэрмін, да якога Расея павінна дасягнуць прагрэсу ў спыненьні вайны супраць Украіны, складае «10 дзён з сёньняшняга дня», інакш ён увядзе пошліны і іншыя меры супраць Масквы. Перад гэтым прэзыдэнт ЗША заявіў, што ён «вельмі расчараваны» Пуціным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія дроны атакавалі аб’екты ў Расеі і анэксаваным Крыме