Абмяркоўваем найважнейшыя падзеі тыдня з палітычным аналітыкам інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандрам Класкоўскім. У нашым эфіры таксама былы кіраўнік канцылярыі міністра абароны Нямеччыны Ніка Лянге патлумачыць, чаму ён не сумняецца, што Беларусь выкарыстаюць для магчымага нападу Расеі на краіны NATO.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
«Лукашэнку давядзецца справаздачыцца пра свае закулісныя перамовы з амэрыканцамі»
— Аляксандар Лукашэнка сёньня сустракаецца з Уладзімерам Пуціным на расейскім востраве Валаам. У Расеі назвалі візыт нефармальным. Паводле прадстаўніцы Лукашэнкі Эйсмант, «ёсьць тэмы, якія ўвогуле па тэлефоне лепш не абмяркоўваць». З таго, што вядома на час нашага эфіру, Пуцін і Лукашэнка пацьвердзілі пастаўку «Арэшніка» у Беларусь да канца гэтага году. Лукашэнка выказаўся наконт мірных перамоваў, паводле яго «трэба садзіцца за стол перамоваў і дамаўляцца». Ужо традыцыйна Лукашэнка казаў, «што нікому ня ўдасца паставіць нас на калені», а таксама пра тое, што на дроне, які ўпаў у Менску, нібы было 59 кіляграмаў выбухоўкі. На што вы зьвярнулі ўвагу з таго, што прагучала, і з таго, што не прагучала.
— Пачнем з апошняга. Вось гэты дрон, які ў Менску ўпаў на дом побач з дзіцячым садком, гэта была выбуховая і ў пераносным сэнсе навіна. Для мяне тут паказальна тое, што Лукашэнка так і не сказаў чый дрон, хаця напачатку было відавочна, што беларускія ўлады і сілавікі хочуць намаляваць украінскі сьлед. Там гэтыя налепкі, якімі дрон, як быццам, нейкая навагодняя ёлка быў упрыгожаны, і на іх ніводнага пашкоджаньня, хоць ён упаў і выбухнуў. Вось усё гэта, здавалася, такімі белымі ніткамі шыта. І Лукашэнка сёньня вельмі абцякальна выказаўся на гэтую тэму, што вось, бачыце, да чаго даводзіць эскаляцыя. І гэта можа быць ускосным такім сьведчаньнем, што дрон найхутчэй, што расейскі.
Калі казаць пра іншае, то Лукашэнка быў у сваім амплюа. Ну, калі казаць пра гэтую пачатковую фазу перамоваў, ён падпяваў Пуціну, калі казаць коратка, то бок паказваў, што ён надзейны хаўрусьнік, ён так пахітаў пальчыкам Трампу, што нельга выкочваць ультыматум і маўляў так палітыка не робіцца, але вельмі асьцярожна, таму што ёсць гэты перамоўны трэк паміж Менскам і Вашынгтонам. Але я думаю, што пры ўсёй сваёй хаўрусьніцкай рыторыцы Лукашэнка ня вельмі ўтульна пачуваецца, калі браць ўльтыматум Трампа. Яму ў душы напэўна хочацца адбудавацца хоць трошкі ад Расеі, таму ён і робіць гэтыя рухі. Таму ён сёньня на Валааме ён казаў пра тое, што Эўразьвяз, маўляў, такі неразумны, ім трэба было б пайсьці на нейкі хаўрус з Расеяй, гэта была вялікая сіла і гэтак далей. То бок побач з рытуальнымі заклінаньнямі, што ніхто Расею і Беларусь не паставіць на калені, у яго гучаць асьцярожныя прымірэнчыя ноткі. Можна шмат «сабак вешаць» на Лукашэнку, але ў яго няма гэтага імпэрскага мысьленьня і жаданьня заваёўваць іншыя краіны. Яму трэба на сваім, як ён кажа, клачку зямлі быць самадзержцам. А тут такая хісткая пэрспэктыва, што невядома, як яно заўтра будзе.
— Лукашэнка скрытыкаваў ультыматумы на розныя тэрміны, якія ставіць Трамп Расеі. Наколькі перамовы Пуціна і Лукашэнкі могуць быць зьвязаныя з ультыматумам Трампа Пуціну пра тэрміны заканчэньня вайны і сёньняшнімі заявамі прэзыдэнта ЗША пра «агідныя» дзеяньні Расеі і новыя санкцыі пасьля чарговага расейскага ўдару па Кіеве, калі загінулі больш за 30 чалавек?
— Я думаю, што гэта было і будзе тэмай перамоваў, бо напэўна Лукашэнка там не адзін дзень прабудзе. Адна з ключавых тэмаў іх канфідэнцыйных перамоваў. Канешне, Пуцін хоча, каб гэты фактычна адзіны хаўрусьнік быў цалкам на ягоным баку. А Лукашэнку, як я ўжо сказаў, хочацца неяк адкруціцца, таму у яго гэтая братэрская рыторыка, ёй надта ня трэба даваць веры. Я думаю, што ён будзе з Пуціным старацца таксама хітра сябе паводзіць, каб не даць заглушыць гэты трэк перамоваў з Амэрыкай.
Нагадаю, што літаральна ўчора Лукашэнка ў Менску ладзіў нараду з кіраўнікамі беларускіх дыпляматычных прадстаўніцтваў за мяжою. І там якраз ён сказаў пра тое, што прыход ці вяртаньне Трампа да ўлады адкрыла акно магчымасьцяў. То бок ён хоць і трошкі і крытыкуе Трампа, але ўсё ж ён спадзяецца зь ім як з прагматыкам, як з аматарам ўгодаў зварыць кашу ў духу рэалпалітык. А Пуцін, канешне, можа цыкнуць. Я думаю, што Лукашэнку давядзецца справаздачыцца пра свае закулісныя перамовы з амэрыканцамі. Яму і хочацца, і колецца ў гэтым пляне, таму што ён і старэйшага брата, як ён называе Пуціна, баіцца і разам з тым ня хоча ўпусьціць нейкую магчымасьць палітычнага торгу са Штатамі.
Таксама заўважна, што вось у прамове перад дыпляматамі Лукашэнка ў рознай танальнасьці казаў пра Амэрыку і пра Эўропу. У першым выпадку адчуваецца такая павага да сілы, а ў другім выпадку гэта такое грэблівае стаўленьне. Лукашэнка неаднойчы груба выказваўся, што няма, маўляў, мужчынскіх вартасьцяў, скажам мякка, у эўрапейскіх палітыкаў, што яны слабакі. І, напэўна, ён спадзяецца, што калі з Трампам усё будзе ціп-топ, то цяперашняя амэрыканская адміністрацыя зможа, так бы мовіць, нахіліць Эўропу ў гэтым пляне і адвесьці яе ад жорсткай лініі ў дачыненьнях з Менскам. Іншае пытаньне, наколькі гэтыя спадзевы рэалістычныя, але тым не меней Лукашэнка ня хоча цяпер упускаць гэтае, як ён сам кажа, акно магчымасьцяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: ЗША не рабілі канкрэтных абяцаньняў за вызваленых 21 чэрвеня«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.