Багатая сталіца. Чаму ў Беларусі такая вялікая розьніца заробкаў паміж Менскам і рэгіёнамі

Менск, Верхні горад. Ілюстрацыйнае фота

У Менску зарабляюць у 1,5 раза больш, чым у Віцебскай вобласьці. Чаму заробкі ў Беларусі так адрозьніваюцца і што зрабіць, каб гэта выправіць.

3598 рублёў — такі сярэдні заробак у Менску да выплаты падаткаў атрымлівалі ў чэрвені, падлічвае Белстат. Традыцыйна ў сталіцы зарабляюць больш, чым у рэгіёнах: сярэдні заробак у краіне меншы за менскі на 24,4%.

Розьніца зь некаторымі рэгіёнамі яшчэ большая. Напрыклад, у Віцебскай вобласьці сярэдні заробак 2289 рублёў, гэта на 36,3% менш, чым у сталіцы. У гэтай вобласьці паводле статыстыкі зарабляюць найменш. Падобнае разыходжаньне было і раней: напрыклад, у 2019 годзе, яшчэ да масавай палітычнай эміграцыі зь Беларусі, розьніца паміж Менскай і Віцебскай вобласьцю складала амаль 39%.

Розьніца ўдвая і болей

У асобных спэцыяльнасьцях разыходжаньне можа быць яшчэ большае. Напрыклад, у Менску на дзяржаўным прадпрыемстве кіроўцу з катэгорыяй С прапануюць да 4500 рублёў. А ў Дзісьне кіроўцу на вывазцы лесу, таксама на дзяржаўным прадпрыемстве, прапануюць у 2,5 раза меней — 1800 рублёў.

Прадаўцу-кансультанту ў Менску абяцаюць да 1700 рублёў на адну стаўку. У Барысаве прадаўцу гатовыя плаціць на 500 рублёў меней — 1100.

Ілюстрацыйнае фота

Інжынэра-электроніка ў сталіцы шукаюць на заробак да 6400 рублёў.

Гэта ў 1,7 раза болей за сярэдні сталічны заробак. У Ветцы такога ж спэцыяліста шукаюць у лякарню, прапануюць да 1569 рублёў, ці ў чатыры разы меней.

Лекар — адна з спэцыяльнасьцяў, у якой дзяржава адчувае яўны недахоп: зараз ува ўсёй краіне трэба 4742 спэцыялісты. У Менску лекару-кардыёлягу ў гарадзкой дзіцячай лякарні абяцаюць 2300 рублёў.

А ў Ветцы Гомельскай вобласьці ў цэнтральнай раённай лякарні кардыёлягу гатовыя плаціць на 400 рублёў болей. І там, і там вакансіі — адна стаўка на адну зьмену. І гэта адзіны падобны прыклад на дзясятак спэцыяльнасьцяў.

«Рэгіёны менш прывабныя для моладзі і кар’еры»

Заробкі ў сталіцы Беларусі вышэйшыя, бо там засяроджаныя галоўныя офісы буйных кампаній, кіраўніцтва дзяржаўных органаў і ІТ-сэктар. Пра гэта кажа Анатоль Харытончык, экспэрт дасьледчага цэнтру Beroc.

«Зь лічбаў вынікае, што большасьць рэгіёнаў на ўзроўні раёнаў маюць 55–65% ад менскіх даходаў. Гэта даволі вялікая розьніца. Напрыклад, у Літве гэты разрыў меншы — да 20%. Аднак у Беларусі разрыў не павялічваецца, а крыху скарачаецца цягам некалькіх гадоў», — параўноўвае Анатоль Харытончык.

Тыповая розьніца ў заробках паміж рэгіёнамі і сталіцай для краін са збалянсаванай эканомікай — 10–30%. Такая статыстыка назіраецца ў большасьці краін ЭЗ, згодна з Эўрастатам. У эканоміках краін СНД розьніца звычайна большая — праз цэнтралізаванасьць эканамічнай сыстэмы.

Ілюстрацыйнае фота

Што да наступстваў у разрыве заробкаў, то найперш ён уплывае на якасьць паслуг, даступнасьць тавараў, а таксама адштурхоўвае прадстаўнікоў бізнэсу, бо меншыя даходы — гэта меншая пакупніцкая здольнасьць жыхароў.

«Рэгіёны адстаюць у эканамічным разьвіцьці. Узровень даходаў ніжэйшы, яны менш прывабныя для моладзі і для кар’еры. Празь ніжэйшы попыт на тавары і паслугі рэгіёны менш прывабныя для разьвіцьця бізнэсу. Гэта вядзе да адставаньня ў зьяўленьні навінак, тавараў, паслуг, у ахове здароўя, адукацыі», — тлумачыць экспэрт.

Каб зьменшыць розьніцу ў заробках, дзяржава можа стымуляваць бізнэс у рэгіёнах. Напрыклад, уводзіць падатковыя меры — ільготы, паслабленьні. Такі прыклад прыводзіць Анатоль Харыточнык.